П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр. Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],

італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.​Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.

П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.

т. 12, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)